Ассоциация Коммуникационных и Маркетинговых Агентств Беларуси
Сукенкі для паненкі: рэбрэндынг маркетплэйса Ramonki ад Fabula Branding
Брыф

Monroom — маркетплейс беларускіх брэндаў адзення і аксесуараў для шырокай мэтавай аўдыторыі. Праект існаваў больш за 10 гадоў і меў патрэбу ў рэбрэндынгу: варта было пераасэнсаваць пазіцыянаванне, нэйм і айдэнтыку, а таксама стварыць HR-брэнд, здольны аб'яднаць каманду.
Рашэнне

Fabula Branding правяла комплексную працу і стварыла моцны брэнд Ramonki з сапраўднымі каштоўнасцямі. Яны былі ў кампаніі заўсёды, варта было толькі капнуць глыбей.

«Толькі ўявіце: за 9 гадоў ніхто ні разу не падумаў, што наша галоўная каштоўнасць — гэта тое, што мы беларусы», — такім быў водгук каманды.
Аналітыка і стратэгія

Першы этап рэбрэндынгу — даследаванне і аналіз рынку, канкурэнтаў, спажыўцоў і самой ГМ — дапамог стварыць платформу і пазіцыянаванне. Fabula Branding прэзентавала кампанію, якая працуе, каб кожная жанчына дзякуючы беларускім брэндам адчула радасць быць прыгожай.

Агенцыя зрабіла акцэнт менавіта на паходжанні, таму што прадукты з нашай краіны асацыіруюцца з еўрапейскай якасцю, зручнасцю ў абслугоўванні, ветлівасцю і душэўнасцю людзей. Да таго ж успрымаюцца знаёмымі, роднымі, асаблівымі.
Айдэнтыка

Айдэнтыка злучыла ўсе сэнсы, укладзеныя ў брэнд. У аснове — мінімалістычная графічная інтэрпрэтацыя двух рамонкаў, пялёсткі якіх злучаюцца. Гэта алюзія да выявы сяброўкі як архетыпу брэнда: заўсёды «свая», заўсёды побач, гатовая дапамагчы і параіць. Палітра пабудавана на асацыяцыях з нэймам: неба, сонца, луг.

Дызайнеры забрэндавалі носьбіты, а таксама распрацавалі мерч. І дэталёва прадумалі сістэму працы з айдэнтыкай, перадаўшы кліенту ў рукі надзейны інструмент для далейшай паспяховай дзейнасці*.

Камунікацыйныя платформа і стратэгія

Камунікацыйныя платформа і стратэгія працягваюць развіваць ідэю брэнда, у якой закладзены любоў да Беларусі, сяброўства, разуменне стылю і ўсведамленне індывідуальнасці. Паважлівы і пазітыўны тон, выкарыстанне беларускай мовы — важная частка любога кантакту брэнда Ramonki з кліентам. Свая асаблівая сістэма ўзаемадзеяння створана для кожнага канала камунікацыі.

Таксама агенцыя прапанавала афармленне для сацсетак і іншых медыя-рэсурсаў, ідэі кантэнту і нават стыкераў. І распрацавала камунікацыйныя пасылы, якія пераносяць у атмасферу брэнда: «Проста квітней!», «Сонцу насустрач», «Не гадай — загадвай!».
Нэйм і слоган

Раней кампанія сутыкалася з цяжкасцямі падчас распрацоўкі, рэгістрацыі і працы з назвамі. Fabula Branding стварыла новае імя, даступнае для рэгістрацыі, якое адлюстроўвае характар і каштоўнасці, здольнае праслужыць шмат гадоў.

Ramonki — аўтэнтычнае беларускае слова, назва лугавой кветкі, якая выклікае пачуцці лёгкасці, прастаты, прыгажосці. У момант вымаўлення або чытання нэйма з'яўляецца знаёмы з дзяцінства вобраз, нараджаюцца прыемныя асацыяцыі з роднай зямлёй і яе прыродай. Фанетыка адсылае да еўрапейскага гучання, слова проста транслітэруецца. Ramonki — вобраз беларускі з еўрапейскім кругаглядам, еўрапейскай нагледжанасцю і патрэбай самавыяўляцца праз вопратку.

Слоган «Раз — рамонкі, два — пакупкі» адсылае да назвы і раскрывае вобраз брэнда. Капірайтэры агенцыі натхняліся прыказкай пра выкананне жаданняў, пра якую шмат расказана, напісана і знята. У фразе ёсць і асацыяцыя з працай маркетплейса: сёння пажадаў — заўтра прывезлі.

HR-брэнд

З дапамогай HR-брэнда Fabula Branding прэзентавала працу Ramonki як бясконцую прыгоду, поўную эмоцый, амбіцый, смелых рашэнняў і асэнсаванняў. Гэта клуб аднадумцаў, аб'яднаных культурай і запалам, якія падзяляюць мэты і адказнасць. Гэта кампанія, якая расце і развіваецца, каб пазнаёміць увесь свет з прадуктамі з Беларусі.

*Интерьер шоурума разработан агентством BOONT